МАГІ́ЛЁЎСКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 — пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім р-нах Магілёўскай вобл., Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл. Летні жаночы гарнітур складалі пераважна 2 варыянты-комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геам. (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона-малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) — гладка-белая ці клятчастая шэра-белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух-трыпольнік шылі з 3 белых полак палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын — чапец, намітка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў даматканая хустка. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні — пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі са стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі-шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор — каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка. Мужчынская і жаночая вопратка — белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкамі тасьмы і шнура.

Літ.:

Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981.

М.Ф.Раманюк.

Да арт. Магілёўскі строй. Сялянкі ў традыцыйным летнім адзенні. Вёска Заходы Шклоўскага раёна. 1903.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)